ЗА ГРЭТУ І ЗА СЬВЕТУ
Што рабіць пасьля таго, як літаратура і мастацтва страцілі ўсякі сэнс? Натуральна, далучыцца да якой-небудзь рэвалюцыі! Напрыклад, кліматычнай, чыя кульмінацыя на Захадзе прыпала на 2019-2020 гг. Аўтар успамінаў не застаўся ўбаку ад усеагульнага варушняку, ачоленага Грэтай Тунбэрг, і з галавою кінуўся ў вір кліматычнага актывізму. Каб у верасьні 2020 года хваля беларускіх падзей зноў вынесла яго ў рэальнасьць, разам з выгараньнем і дэпрэсіяй.
АНТЫЛІТАРАТУРА ЯК АНТЫДЭПРЭСАНТ
Літаратура як мастацтва скончылася ў ХХ-м стагодзьдзі, - сьцьвярджае аўтар. - Сёньня, бадай, нікога ўжо ня зьдзівяць, не расчуляць і не пераканаюць закручаныя драматычныя сюжэты ці майстэрскія апісаньні. Жанравае чытво застаецца опіюмам масаў, а ўсякае эстэцтва - сымптомам фальшывай сьвядомасьці. Як у такім разе можна яшчэ дагукацца да чытацтва, каб нешта яму паведаміць? Спадзяюся, максымальна аўтэнтычнай і неапрацаванай прамовай, бяз хітрыкаў, на мяжы споведзі. Макс Шчур напісаў цэлы шэраг бэлетрыстычных кніг гэта раманы Там, дзе нас няма, Завяршыць гештальт і Кінараман, зборнікі аповедаў Ліст, знойдзены на папялішчы і Галасы, аповесьці Газэтчык і Упырхлікі. Не адмаўляючыся ад сваёй папярэдняй літаратурнай творчасьці, аўтар ужо некалькі гадоў выпрабоўвае іншыя спосабы выказваньня, пазбаўленыя, наколькі магчыма, агульнапрынятых канвэнцый і бліжэйшыя да нон-фікшн і эсэістыкі.
ЧАКАНЬНЕ ДАСТАЛА
Не разумею, як некаторыя ўсё яшчэ чакаюць ад мяне нейкай літаратуры, калі ўсё, што я ствараю апошнім часам - гэта праграмная анты-літаратура. Я ўжо стаміўся паўтараць, што літаратура мяне не цікавіць, нудзіць, дастала - не, падавай нам, каб было красява і увлекацельна, - дзівіцца аўтар. Кніга Разьюшанасьць і любоў - вольны працяг 900-старонкавых успамінаў Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе. У адсутнасьці грантаў і часу на творчасць кніга ўзьнікла паводле ўзору Ў дарозе Керуака - спосабам ліхаманкавай фіксацыі вольнай плыні маўленьня, з кароткімі перапынкамі на сон і іншыя рытуалы, на працягу 13 дзён студзеня 2026 года.